Ваенны хлеб

Людмила Воронова Супрун
Ваенны хлеб быў з лебяды,
Ці з крапівы, з сырых апілак…
Ваенны хлеб быў хлеб бяды,
Вайна яго з бяды ляпіла.

Ваенны хлеб быў не такі,
Як ты прывык купляць у краме,
Мясіла з лёгкае рукі
Яго дзяўчо, каб выжыць маме…

Ваенны хлеб з карою дрэў…
(кару малолі з жалудамі…)
Яго з ахвотай хлопчык еў
Галодны з чорнымі рукамі…

Ваенны хлеб са смакам слёз…
Яго акраец быў спасеннем,
Выпрабаваннем, калі лёс
За смерць не просіць прабачэння.

Ваенны хлеб, яго не раз
Успамінаў мой дзед з дакорам…
- Мір беражыце! - даў наказ, -
- Каб хлеб ваш быў без смаку гора.