Што такое спадчына

Людмила Воронова Супрун
Што такое спадчына?
Хата бацькі, матчына,
Справы дзедаў, прадзедаў,
Скарб, што набылі...
Хустачкі бабуліны,
Песенькі матуліны,
І пяшчота сонейка
На тваёй зямлі...

Што такое спадчына?
Памяць, што не страчана,
Побытам, традыцыяй
Стала на вякі...
Звоны жаўруковыя,
Рунь палёў вясновая,
Ды чаромшын кветачкі,
Быццам матылькі...

Што такое спадчына?
Гэта мова матчына,
Неба сінявокае,
Стужачка ракі...
Восень жоўтакрылая
З жураўліным выраем,
Чаратоў з асокамі
Шэпат трапяткі...

Што такое спадчына?
Што табе прызначана.
На гады нанізана
Ў пацерках вякоў.
Прашчурамі выткана
Кужалёвай ніткаю
Дрэўца радаводнае,
Што хвалюе кроў.
Паўтор: з мноствам каранёў.