Сучаснику

Людмила Воронова Супрун
Сучасніку

Ці чуў ты, мой дружа,
Як шэпча на золку
Рабіна на мове дзядоў?
Ці бачыў, як туліць
Да долу галоўку
Адзін каласок між снягоў?

Ці мог назіраць,
Як дзянёк патухае,
Як мара да зорак ляціць,
Як шчокі румяніць
Усход таго краю,
Дзе бацька з партрэта глядзіць?

Ці ёсць успамінам
І памяці месца
На дрэве тваіх каранёў,
Дзе ежа з ахвотай
Матуліна есца
І ноч - з каляровасцю сноў?

Скажы мне, хоць раз
Давялося падслухаць
Як ноччу гукае пугач,
Ды так, каб нажом
Гэты гук рэзаў вуха,
А сэрца балела,
хоць плач?

Скажы мне, сучаснік,
Скажы, мілы дружа,
Ці змог ты душой адчуваць
Слязу кожнай кропелькі,
Збеглае ў лужу,
І шчыра ў бядзе спачуваць?

Прызнайся! Хацелася
Радаваць вочы
Красой, што даруе прасцяг?
І разам з Радзімай
Да поспехаў крочыць
Праз цемру ў нязведаны шлях?

Ці ведаеш, дружа,
Гісторыю краю
Дзе дзед твой дубок пасадзіў?
Я вершык, сучаснік,
Табе прысвячаю 
Каб край шанаваў свой, любіў.