Зiмовы дзень

Татьяна Цыркунова
Зімовы дзень такі кароткі,
Мяце, пужае завіруха.
Гняздзечка птушак, як сіротка,
Глядзіш, на сэрцы жаль ды скруха.

Шалёны вецер завывае,
Скрыгоча, нібы воўк галодны.
Галінкі з дрэва абрывае,
Няўмольна жорсткі ды халодны.

Гучнагалосы напаткае
Напаўдарозе, здыме шапку.
Як злодзей, рэчы ўмыкае,
Ды кіне ўслед галля ахапку.

Махляр, круцель ды ашуканец,
Зімовы вецер ашалелы.
Нядобры вечны падшыванец,
Зрывае лісцік ацалелы.

Зімовы дзень такі кароткі,
Як хутка вечар надыходзіць.
Пад дахам гучна стогнуць кроквы,
Там моцны вецер карагодзіць.