Люты на кабыле

Людмила Воронова Супрун
Ну вось і зноў зіма, як трэба.
Зямлю цярушыць снегам неба.
Мяце хвастом завея-ліска.
І сыпле дворнік соль, дзе слізка.

Шалёны вецер гне галіны.
Схаваў твар клёнік за яліну.
І, як да маці, прытуліўся
Галінкай з лапкаю счапіўся.

Смуга нябёсы зацягнула,
Стоўб дыму ў паўдугі сагнула.
Цяпер ляціць, як вецер хоча,
А той сваволіць, дзме, рагоча...

Нібы пытае: "Што, забылі,
Як люты ездзіць на кабыле?
Яшчэ не час зіме сыходзіць,
Падзьме яшчэ, пакалабродзіць!"