Слязою боскай

Людмила Воронова Супрун
Не запалілі ў хаце
Святла… Было нядаўна.
Жылі там бацька, маці,
Уходжваліся спраўна.

А зараз - ціш... Маркотна.
На небе цёмным - месяц,
Прыгорблены, самотны,
Шляхі людскія меціць.

То заплыве за ліпу,
То ў вокны заглядае…
Нібы чакае скрыпу
Дзвярэй, што адчыняюць.

З далечыні сабака
Нічыйны заскуголіць…
Галодны небарака?
Ці стомлены ад волі?

Ні рохкае ў свінінцы
Свіння, не гакне гуска...
Сцякае па галінцы
Раса слязою боскай.