Рана зацягаецца

Татьяна Цыркунова
Рана зацягаецца,
Сэрца боллю маецца.
Неба з чорнай хмараю,
А дзяўчына – з мараю:

«Дзе каханы, любы дзе?
Можа, ў лютае бядзе?
Не прыслаў ён вестачцы
Для сваёй нявестачцы.

Пэўна, ў войску на вайне,
Не прызнаўся нават мне...»
Плача дзеўка, жаліцца,
З рук пасуда валіцца:

«Вышывана посцілка,
Ды не будзе госцейка.
Пагляджу на медальён,
Падарыў на шчасце ён.

Па-суседску зналіся,
Змалку заляцаліся.
Ды не быць мне жонкаю...» –
Ўголас птушкай звонкаю.

Рана зацягаецца,
Сэрца боллю маецца.
Дачакайся любага,
Не займайся згубаю.