Бусел

Баринов Мишель
Сюды ён надвячоркам прылятаў
І ў панядзелак, і у дзень суботні.
Адразу прыляцеўшы,, клякатаў
І застываў. Маўклівы і сумотны.

І гэтак колькі часу правадзіў,
Каб потым пахадзіць па верхнім лузе.
Па ўсім было відаць, што ён адзін
І ці наўрад, што з кімсьці разам будзе.

Бо ліпеня сярэдзіна прайшла,
А там і жнівень-пан не за гарамі.
З ім разам прыйдзе холадам імгла
І зноў махаць да выраю крыламі.

Але аднойчы гэткаю ж парой,
Схіляўся дзень да ложку, да пасцелі,
На гэты ж слуп, што ля вярбы старой,
Знянацку два буслы адразу селі.

І гэткі клёкат над сялом стаяў,
Што нават штосьці зашчымела ў сэрцы!
Ці тое так ён разам з ёй спяваў,
Ці можа так ім весела смяецца.

Здаецца, мог бы - то б схадзіў абняць,
Каб шчасце ім было ў птушынай долі,
Каб болей па сябрам не сумаваць,
Каб без кахання не спяваць ніколі.