Целяханы. Частка дваццаць восьмая

Татьяна Цыркунова
Лютуе дэфензіва*,
Паліцыянт, як звер!
Суровы ціск – не дзіва,
Ёсць сведкам ўсім давер.

Быў у Картуз-Бярозе
Турэмны каземат.
У ім, як у бярлозе,
Няшчасных вязняў шмат.

Да Сталіна дарога –
Чырвонай цэглы бой.
Паўзеш па ёй да Бога,
Здзек поўны над табой.

Калені, рукі голы,
Паўзеш, нібы ты вуж.
Смех, кпіны ды ўколы,
Такі твой лёс, твой гуж.

Смяяліся палякі:
«Паўзі, жывы пакуль...»
На скуры – кроў ды знакі,
Ўсё ж лепш, чым смерць ад куль.

Мой дзядзька быў не раз там,
Партыец Апанас.
Карней-дзед: «Новы пашпарт
Ды грошай шмат прыпас!»

Ён ратаваў сыночка
Ад чорнае бяды.
Ў крыві была сарочка –
Палякаў злых сляды.

Два-тры вала на продаж –
Цана такіх дамоў.
За гэты грошы зможаш
Дамоў вярнуцца зноў.

А ў хаце – жонка збіта,
Пустэча на двары.
Ні лодкі, ні карыта...
Забралі ўсё, звяры...

Лютуе дэфензіва,
А барацьба ідзе.
Суровы ціск – не дзіва,
Ды партыя вядзе.

Заўвага:
*Дэфензіва – польская
палітычная паліцыя.