Музыка прыроды

Anatoly Bolutenko
Як зачаруюць птушак галасы,
Ў душы зусiм не застаецца прозы,
Прыемна луг адведаць i лясы,
Паслухаць шэпт травы i плач бярозы.
 
Там музыка прыродная гучыць
I асалодай сэрца напаўняе,
Душы цудоўна: слухае, маўчыць
Або у такт чароўна падпявае.
 
Хоць музыка, стварыў што чалавек,
Гарачыя пачуццi выклiкае,
Ды лепей тая, што гучыць павек,
Яна зусiм нiколi не змаўкае.

Калi павее ветрык-музыкант,
Ў аркестр сальюцца разам моцна гукi,
I чутны бас, альт, тэнар i дыскант,
Чароўны вецер майстар на ўсе рукi.

Дае прыроды музыка цяпло,
Халодная душа ад нот адтае,
Тугi i суму – нiбы не было,
Ад музыкi такой душа лятае.
 
16.10.1995