Завенерылася

Валентина Дробышевская
Завенерылася, зачакалася,
А за Марсам ідуць дажджы...
Так даўно-даўно не кахалася,
Не выходзілася з мяжы.

Што ж ты, зорнае, бездакорнае,
Памяць сэрца за ўсіх Венер
Не адпусціш? Яе над промнямі
Зашукаўся сівы жаўнер.

Памалюся - і заспяваецца
Песня-вера, як з той пары,
Дзе Максімава, дзе кахаецца,
Дзе венерыцца ад зары.

Колькі позіркаў, колькі выдыхаў
Пад аховаю небыцця!
Не жаўнер гэта неба выдумаў,
А рассыпалася куцця

Са святочнага, беззаганнага,
Сенам высланага стала,
Каб Венера Святою Паннаю
Па-над подыхамі ўзышла.