Заклiк

Анастасия Копнинова
(Оригинал: Али Шогенцуков)

О, кветкі саду, лепшага на свеце!
Будаўнікі дзён векапомных тых!
Для сэрца маці хто бліжэй, чым дзеці?
Айчыне-маці хто мілей за усіх?

Каб нашу найвялікшаю каштоўнасць,
Свабоду вораг адабраць не змог,
Тады наш гнеў кіпіць крыніцай поўнай,
Крыві бо варты наш да шчасця крок!

Радзіма наша ведала нямала,
Трыумфаў, што прайшлі імглу вякоў;
З пашанай моладзь вопыт пераймала
З паданняў пра баі сівых гадоў.

І наш народ у невычарпных нетрах
Каваў сваіх асілакаў, ды такіх
Што наш спрадвечны і пыхлівы недруг
Між волі йшоў да могілкаў сваіх.

Не за сябе – за ўсіх, чыей крывёю
Сваю дарогу ліхадзей крапіў,
За рэкі слёз, пралітыя ўдавою,
Разлічымся, не пашкадуем сіл!

Глядзіце, як у неба, цераз хмары
Уздымаюцца ў паветра караблі!
Грукоча, мабыць, землятруса кара?
Не, гэта нашы танкі у бой пайшлі.

Ва ўспененныя глянеце прасторы:
Нібыта за гарой плыве гара?
Не, то савецкія дымяць лінкоры,
На хвалі выйсці крэйсерам пара!

Ад грукату гармат трасуцца скалы,
Схіляюцца высокія гаі…
Каўказцы! І для вас пара настала
З’явіць і моц, і мужнасць у баі!

Браты! Па конях! Узлятайце ў сёдлы!
Усім вятрам ляціце на абгон,
Хістаўся каб той крывапівец подлы,
Які зняважыў людскасці закон.

Загіне вораг – мы клянёмся свята!
Свет подзвіг будзе помніць у вяках!
Шлях перамогі, славы і адплаты
Нам прадпісала партыі рука!