Крыгi

Алёна Папко
           (Паэма)

I
Завей-вей-вейны сон
Кране пагожы будзень:
Стаю, а з двух бакоў
Не дрэмлюць
          снежань, студзень.

Душы, што горкі мёд,
Няведамы пакуты…
Скрыпіць бліскучы лёд,
І студзень кліча ў люты.

II
Галінкі рабін усыпаны снег-снегірамі,
Чырвоныя грудкі распушаны іх вятрамі.
Снег-снег-снегірок,
                сябры мы няўзнак з табою,
Бо выпала ўсё ж нарадзіцца і мне – зімою.
Суботнім дзяньком,
                калі поўдзень быў дужа цёплым,
Не сцюжа – сонца ласкава заглядвала ў вокны.
Пазней рой сняжынак аколіва прыцярушыў…
Снег-снег-снегірок у дарожаньку спешна рушыў.
III
На;чыста-чыста сатруць
Сляды вір-вір-завірухі,
Дзеі-надзеі ўзлятуць,
Пераадолеўшы скруху.

Шлях Млечны –
                Зор зорны ўзор –
Не-недасягальны. Вух-вух.
Па-над вячэрняй зямлёй
Ляціць наўздагон снежны пух.


IV
Дзень зіхатлівы мой,
Каханне – чуйным рэхам.
Я – тут! Бяжы за мной.
Сардэчную прарэху
Загой яго рукой –
Гой-гой…
              Так выпадкова,
Магчыма, гэта сон.
Глядзі, якое мора!
І хваляў плёс-плёс-плёск,
Каменьчык – у далоні.
Бур-бурлівы паток,
Што накрывае скроні.
І побач, побач ён
І ямачкі пры ўсмешцы…
Куды падзеўся сон?
На памяць – галавешкі.

V
Відаць, ніколі ім не ўжыцца:
Агню стыхіі і вады.
Ён будзе к полымю хіліцца,
Яна – к дажджам. І так заўжды. 

Ў задыякальнай крутаверці
Між імі мройны ледаход.
Быць аднаму з іх вечна першым,
Другому – біцца ўсё аб лёд.

VI
Яшчэ гарчыць той боль навідавоку.
Куды яго? Пад рэбры камяням?
Ці, не маргнуўшы аксамітным вокам,
На пераплаўку майстрам-кавалям?

Цягнік дыхне натужліва-тужліва.
У добры шлях пад рэзвых колаў бег.
Сардэчнага апёку сарамліва,
На жаль, у жніўні не астудзіць снег.

Таму гарчыць той боль навідавоку,
А я дасюль стаю на сонцапёку…

VII
Пачакай адпускаць…
Пачакай.
Тых імгненняў зіхоткага сонца
Нашы смех, і любоў,
І адчай,
Кроплі-кропкі
Чаргою бясконцай.

Адпускаць пачакай…
Адпускаць
Дужа лёгка –
Цяжэй зноў сустрэцца,
Бо адлегласць, якая між нас,
З карты сэрцаў і душ
Не сатрэцца.

VIII
Дождж!.. Далоў парасон – гул зрывае.
Важкія кроплі – на твар.
Дождж!.. Так лёгка пачуцці змывае
Без даўняй тугі праяў.

Новае сэрца, чыстае сэрца
Прыму ад яго я ў дар.
Вобраз, каханы, ў ім твой сатрэцца
Пад шэрай заслонай хмар.

Мы немінуча станем чужымі,
Далёкімі ў свеце зор,
У сэрцы крыштальным, ведай, астыне
Мая да цябе любоў.

Дождж!.. Суседскія ліпы прамоклі.
Жвава бягуць ручайкі.
Холад далоні праніжа – кроплі
Скаваліся ў ледзякі.

XIX
Белыя крылы – ча;іцы,
                шэрыя – салаўя.
Роспачны крык ураніцы
Ля раскіданых гнёздаў.
Журба.
Болю таго не змерыцца,
Болю не загаіць –
Ды толькі птушкам верыцца:
Любоў можа раны лячыць.

Моцныя крылы – чаіцы,
                дужыя – салаўя.
Праца кіпіць да раніцы –
Будуюцца гнёзды.
Спярша
Людзі тым птушкам здзіўляліся,
Ды толькі гады як рады…
Салоўка і белая чаіца,
Шчаслівымі будзьце заўжды!

X
На тым прыстанку
                боль з прасветам.
Гукай вясну, смалісты бор!
Зарубцаванаму Сусвету
Калыскай стаць для новых зор.

А нам з табою – крыгаломам
Па стромкіх хвалях, па рацэ –
Знікаць у лініях разломаў
І стыць марозам на шчацэ.

А нам з табою – белым крыгам –
Праз пасткі гулкае вады –
Насустрач сонечным адлігам,
Як ад журбы і ад бяды.

Таму прашу ў часы прадвесня:
Кірунак да святла змяні.
Знямогшы горычна, няўцешна,
Ўсё ж да світання – даплыві!..


XI
Кава. TV. Кацянё.
Дзень за днём мімаходам,
Звычайна –
І пад кол-ледаколы асцё,
І пад снег-снегаходы лісцё.

З тонкіх нітак святла
Лёс-лес-лёс.
Ён у кожнага свой
Да драбніц.
Наша «сёння» ад сэрца
Даўно адлягло
Светлым водбліскам-
Бліскам зарніц.

XII
Вецер у крылах снег-снегіроў.
Рып-рып палазоў-маразоў.
Бялюткага неба!.. Чыстага неба!..
Далоні да сонца цягну.
Просіць глеба
Расквеціцца крокамі ранняй вясны,
Пралескамі-ўзлескамі цвісці…

XIII
А мне ў абдымках мроіва
Мрой-мроілася – «быць».
І са снягоў падобнага табе
Ўзяць – ды зляпіць!

Але ўраз-раз ад дотыку,
Ад подыху
(Джаль-жаль!)
Снягі безабаронныя
Ўсё растаюць, на жаль.

XIV
Наспе;х-спех-вех…
Атрутная цыкута –
Яго іскрысты смех.
Мех сноў за спінай
Ту;та.

Вех-спех-наспех
Цвіці!
Суквецці-парасоны
Ў плынь ціхае ракі
Глядзяць,
Як ночкай, зоры.

А вецер як падзьме,
Гул-гулка – да дрыготкі
Асыплецца ў мех вех –
Цвіцення час кароткі…

XV
Той даўні сон –
Украдзены ўспамін.
У сэрца, насамрэч,
У сэрца,
Як ход апошніх
Ясяльдзянскіх льдзін.
Па крузе і нанова.
Неаспрэчна.

А тэлефон маўчыць
Каторы год…
Каторы год
У жальбе ледзяшы
Слядзінкі-льдзінкі сеюць
У прастор,
І туманы світаюць на шашы.

XVI
Плывуць яны…
               Плывуць паспешна
У плыні шорсткай, гаманкой.
І немінуючая вечнасць
Па сэрцы – сцюжай агнявой.

Трэс-трэск…
              Расколваюцца льдзіны
Ад весніх дотыкаў цяпла.
Па небе – гойсам аблачыны
Сцяжынай-насцеж ад відна.

Глухога часу покліч строгі
Зігзагамі, то па прамой,
То крыгі радасці й трывогі
Адвечна і навек – маёй.