САД

Алёна Папко
Ёсць сад пад назваю жыццё,
Ў які прыходзім мы аднойчы.
Стагоддзяў колькі б ні прайшло,
У той жа сад не трапіць двойчы.

Таемны сад – сустрэч, дарог,
Калі ў нагах на радасць стома,
А шоўкавы звініць мурог,
Стракозаў песнямі вясёла.

Шчымлівы сад – завей, снягоў,
Дзе вельмі лёгка апячыся.
Таму ты да пляча сяброў
Заўсёды ў смутку прытуліся!

Шчаслівы сад – вясны, і мрой,
І самай трапяткой надзеі…
Каханне ў ім – на рану соль,
Яно ж – бялюткія лілеі!