Колькi надзеяй

Алёна Папко
Колькі надзеяй душу ні гаі,
Нам не пазбегнуць сняжыстай зімы.
Снегу скрыпучага гурбы наўкол,
Слоты няўтульнасць і звон ледзяшоў.

Нам не пазбегнуць абдымкаў завей,
Час – дужа хуткае кола падзей.
Як матылёчкі, сняжынкі ляцяць,
Твары халодзяць, на вейках дрыжаць.
Лёгка,
            нячутна,
                сціпла ў далоні ляцяць.

Жменю зямлі б – ды да сэрца свайго,
Каб, што баліць, навякі адлягло!..
Толькі навокал да ранняй вясны
Спешна скавалі абшар маразы.

Колькі б нягод ні судзіў небакрай,
Мы адшукаем свой сонечны май.
Квеценю белай сады зашумяць,
Будуць пялёсткі, як снег абсыпаць,
Будуць дарогі
                да ўсякіх нягод
                замятаць.