Першага снегу, бялюткага, чыстага

Алёна Папко
Першага снегу, бялюткага, чыстага,
Каб як бальзам на душу!
Першага снегу, марозна-яршыстага
За тыдзень да снежня прашу.

Падае ціха няхай, не спрачаецца
З воляй вятроў гаманкіх.
Доўгачаканы, ён выпадзе раніцай,
Зрок насалодзіць і слых.

Не запаволяцца крокі таропкія.
Радасна так на ляту –
Жвавую-жвавую, лёгкую-лёгкую
Сняжынку ў далоні нясу!