Мокне лiсце залатое...

Юрий Боровицкий
***
Мокне лісце залатое.
Дожджык восеньскі імжыць.
Не пытай сябе пра тое,
Як табе на свеце жыць...

Проста жыць - зусім няпроста,
Нешта трэба ўсё ж рабіць...
Мокне белая бяроста,
Дожджык восеньскі імжыць.

Жыць сумленна... Белапенны
Дробны дожджык зноў імжыць.
Пражыві свой дзень з натхненнем,
Хай цябе ён блаславіць.

Проста жыць - хіба не шчасце?
Жыць патрэбна і ў бядзе.
То імжэў, а то ўжо часты
Дожджык восеньскі ідзе...

Жыць і быць самім сабою,
Не крывіць сваёй душой...
Над бярозкай залатою
Дожджык сыплецца імжой...

Мокне лісце залатое.
Дожджык восеньскі імжыць.
Не пытай сябе пра тое,
Як табе на свеце жыць...

21. 10. 2023 г.