Пералётныя думкi

Станислав Шастак
Развеяў вецер лісце па двары,
Трава счарнелая ад холаду  кукожыцца
А неба да світальнае зары
Самотна-развітальным клічам множыцца.

Лятуць у вырай гусі і буслы.
Ключ журавоў шыбуе ў край далёкі.
Яны - зімы халоднае паслы -
Нясуць на крылах срэбныя аблокі.

Я іх сачу, задраўшы галаву,
І думаю, як спраўна меці крылы,
Каб кут пакінуць, у якім жыву,
І паляцеці ў край, што сэрцу мілы.

Не трэба ані віз, ні пашпартоў,
Калі крыло на шлях той моцы мае,
Лунай у неба, толькі будзь гатоў,
Што любы край цябе мо не прызнае.

Бо родны край прывык іначай жыць
Прывык другім зямным багам маліцца.
Твая рука напэўна задрыжыць,
Не здолее на іх перахрысціцца.

Таму стаю, задраўшы галаву,
Душой зайздрошчу птушкам пералётным.
Але шчаслівы, вольна бо жыву,
Хаця бываю часцяком самотным.