Ноч у вёсцы

Станислав Шастак
Ты ў вёсцы хату прадала,
Каб больш не прыязджаць.
Было сяло - няма сяла,
А правады гудзяць.

Яны жывыя - правады,
Цячэ ў іх яшчэ ток.
Ён сам не ведае куды,
Патух бо вокан зрок.

Аслеплі хаты без людзей.
Расце ў дварах палын.
Кляны, бярозкі. Дзе-нідзе
Ўжо павыліўся тын.

Дзятвы не чутна галасоў.
Савы гуканне-смех
Агорне аж да валасоў
Душу за нейкі грэх.

А можа так яно і ёсць -
Забыў ты родны кут.
Ты на Радзіме рэдкі госць
Амаль чужы ўжо тут.

Гудуць на ветры правады,
Снег завявае хаты.
Ці здарацца яшчэ гады,
Што стане край багаты?