Сам-насам

Василь Гардзиенак
Скажы мне тое, што хацеў сказаць,
Скажы мне ўсё напраўду як хацелась,
Ты сам ужо нікім не можаш стаць
І мне цяпер выкручываеш цела,

І нават ў вочы мне не паглядзіш,
Вышэй за плечы позіркам не кінеш,
Свідруеш грудзі бы наскрозь ляціш,
Ажно злятае пыл у павуцінне,

На сцены і падлогу, на акно
Кладзецца гэты пыл танюткім слоем,
Нібыта глей збіраецца на дно,
Збіраецца на дно маё марское...

Не варухнуцца, ні падняць нагу-
Трымае цвёрда лепей за кайданы.
Ды гэтак можна жыць...і я магу,
І можаш ты,...але не могуць мары.

І дзякуй ім за тое, што ўначы
Яны прабуюць гэту скібу здзерці,
Шукаючы навобмацак ключы
Адной рукой, другою б'юць у дзверцы

І не свідруюць позіркам мяне,
Адно шукаюць выйсця, нейкай хвалі,
Якая іх падыме і шпульне
У велічны прасцяг бясконцай далі.

Надоечы не атрымалась ў іх,
Але ў змаганні тоіцца патрэба,
Бо каб запал ужо нарэшце сціх,
Ім неабходна вырвацца у неба...