Байка з усмешкай

Людмила Воронова Супрун
Неяк раз у водпуск летам
Зяць прыехаў да суседа.
Скончыў тры ён інстытуты,
Меў пузенік трошкі ўздуты,
На пасадзе кіраваў…
Кім і дзе? - Нам не казаў.
А сусед зяцьком хваліўся:
(з яго ж Маняй ажаніўся)
 - Так умее усё рабіць,
Нават Марту падаіць!
Мартай звалася карова,
Пас яе пастух мясцовы.
Не давалася даіцца
Хлопцам, толькі маладзіцам.
Малака давала многа,
На мужчын круціла рогам.
Скокне часам і хвастом
Пераверне ўдой з вядром.
- Мне аддасць!  - хваліўся зяць .
Трэба цыцку ўмець трымаць.
Не цягнуць, як дзед вяроўку…
А спачатку на галоўку
Хустку цешчы завязаць,
Яе голасам сказаць:
 - Дай, кароўка, малачка
Напаіць твайго бычка!
(А бычок - сынок Мартусі)
Тут жа ў хлеве, дзе і гусі)
Зяць абуў з рызіны боты,
Завязаў хусцінку потым,
Слончык кінуў на плячо -
З боку ў хустцы, як дзяўчо,
Падпяразаны халатам, -
Так зяцёк і выйшаў з хаты.
Брамку ў стойла адчыніў,
Сеў на слончык і схапіў
Цыцку Марты, што тырчэла.
Марта злосна паглядела,
Знать, кароўка не чакала,
Гэткай хваткі ад нахала.
Затрасла хвастом нярвова,
Не была б яна каровай,
І па зяцю пацягнула,
Так, што ў бок ажно кальнула.
Зяць скрывіўся, але ўседзеў,
Каб не насмяшыць суседзяў.
Марку трэба тут трымаць,
Перад цешчай ён жа - Зяць!
І давай шаптаць  паціху:
 - Марта! Марта! Што за ліха?
І да цыцачкі другой
Пацязнуўся: "Лясь!"- Нагой
Саданула па вядры
Марта так разоў са тры...
Ледзь прытомнасць зяць не страціў.
Але ж ён не быў бы зяцем,
Каб каровы напужацца,
Не прывык зяцёк здавацца:
 - Што прыдумаць? Што зрабіць?
Як кароўку падаіць?
Стала й Марта нервавацца,
Біць нагой і аглядацца,
Рог наставіла на хлопца,
Як з карыды бык-забойца,
Ды як чмыхне, як падскочыць!
Зяць заплюшчыў з страху вочы,
А калі расплюшчыў трошкі,
То мясіў нагой «ляпёшкі»,
Бот валяўся за вядром,
А вядро было ўверх дном.
Не на жарт зяць раззлаваўся,
Бо ў душы ён не здаваўся.
Выбег з стойла, а тут Жучка,
Як зацяўкала, падлючка.
І суседачка з-за плоту
Вочы вытрашчыла, потым:
 - Ой, а вы адкуль? - Спытала.
І, як здзек, зарагатала.
Тут і цесць, як штык, з’явіўся…
З той пары больш не хваліўся
Ні зяцьком, а ні пасадай…
______________________
А ад аўтара - парада -
Каб зайздроснікі звяліся,
Больш працуй і менш хваліся.