Калi калыхаюцца душы...

Василь Гардзиенак
Калі калыхаюцца душы
Ад ветру ў халодным полі,
Іх смецце не зацярушыць,
І рукі не запаволяць,

Іх можна заспець вачамі
У месячным ззянні ймглістым,
Няпэўны абрыс з карчамі
Паволі са змроку вылез-

Старыя крыжы на золку
Сабой падпіраюць неба
І скрыгатам дрэва ломкім
Нібыта пяюць хвалебна,

Павольна і манатонна
Пад спеў калыхаюць душы,
І ім падпяваюць сонна
З травы палявыя птушкі.

Ад ветру зусім скалелі-
Халодная ноч не песціць
Ды хтосьці зоркі пасеяў,
Напэўна лагодны Месяц.

Усім каб цяпла хапіла
Пасеяў іх ён удосталь
Ды толькі зямля астыла,
Бо надта далёка ростань,
Гарачая зорная ростань...