За дальнiмi хмарамi думкамi-марамi...

Юрий Боровицкий
***
За дальнімі хмарамі думкамі-марамі
Я зноў у дзяцінства імкнуся.
Плыву да яго разам з шэрымі хмарамі
Ў куточак маёй Беларусі.

Там родная сцежка вітае мяне,
Там чорнай крыніцы малюся,
Там ліпа старая душу мне кране
Ў куточку маёй Беларусі.

Там ногі лагодзіць дарогі пясок,
З вярбой я там добра знаёмы,
Там кожнай бабулі я - проста сынок,
Там тонкай сцяблінцы саломы

Я рады, калі яе ў рукі бяру,
Нібыта падношу да сэрца
Куточак любімы, маю Беларусь,
Якою хацеў бы сагрэцца.

За дальнімі хмарамі думкамі-марамі
Я зноў у дзяцінства імкнуся,
Плыву да яго разам з шэрымі хмарамі,
Дажджом на яго праліюся...

01. 03. 2024 г.