У кожным пакаленнi - свой паэт...

Юрий Боровицкий
***
                Будучаму паэту

У кожным пакаленні - свой паэт,
Свая вайна, свае перажыванні.
Ты мой, дай Божа, прачытаеш след
На нашым паэтычным скрыжаванні.

Не прыйдзеш ты ў шчаслівыя гады:
Час пераломны ў кожным пакаленні.
Магчыма, ўспомніш і мяне тады
Ў суровыя, крывавыя імгненні.

Свая вайна - ў паэзіі тваёй -
Зарою хваляванняў адаб'ецца.
І веру я, што моваю жывой
І ты яшчэ сваё сагрэеш сэрца.

На штучны інтэлект не варажы
І з мёртвым не спаборнічай ніколі,
А мову Беларусі беражы,
Што і мяне натхняла ў жытнім полі.

Я ведаю, спяваць ты будзеш лепш,
Чым я калісь - крыніцай пад гарою,
І дасканалы будзе ліцца верш
Над бацькаўшчынай яснаю зарою.

03 - 04. 03. 2024 г.