Калi запаляць леташнiя травы...

Василь Гардзиенак
Калі запаляць леташнія травы,
Сухі хмызняк і смецце на гары,
На вогнішча і смутак мой гаркавы,
Прашу цябе, міжволі забяры,

Прыкрый яго сухой як прах травою,
Прыкрый як твар нябожчыка ў труне,
І хай агонь вясноваю парою
Яго дашчэнту, цалкам паглыне.

Няхай на гэтым капішчы святкуюць
Забытыя паганскія багі,
Я ад сябе на свята ахвярую
Вялікі жаль пад покрывам тугі.

І ў гэтым нечаканым карагодзе
Магчыма зноў пачнецца новы цыкл,
І нашу незаплямленую споведзь
Не ператвораць у казённы цырк,

І наша беззаганная прамова
Не будзе зноў абвержана дурным,
Няхай ліхія не пазбегнуць мору,
Які нясе з сабою едкі дым.

Гарыць агонь магутна, палымнее,
І погань прадчуваючы, нямее...