Зязюля жыла...

Татьяна Цыркунова
Зязюля жыла каля хаты,
Лічыла дзянёчкі-гады.
Яна адвяла іх багата,
Быў тата зусім малады.

Пад купалам сіняга неба
Прыгожае поле – ралля.
Чакала рукі добрай глеба,
Вільготная маці-зямля.

Хацелася шчодрага сонца,
Пяшчотнага неба, вясны.
Галінкамі вішня пры склонцы
Будзіла юнацкія сны.

Стаяла вайна на парозе,
Бязлітасны вораг прыйшоў.
Мой бацька з братамі ў дарозе,
Прытулак у лесе знайшоў.

Пад кулямі вёска згарэла,
Загінулі людзі ў агні.
Крывёю зара вечарэла,
Цягнуліся доўгія дні.

Атрад партызанскі – парадак,
Мой бацька з братамі ў ім.
Кароткая хлопцаў нарада –
Усе давяралі сваім.

Засады, падрывы, паходы,
Даўно ўжо быў згублены лік.
З агіднай нацысцкай пародай
Вялі партызаны разлік.

Зязюля, ты накукавала,
Быў доўгім жыцця бацькі шлях.
Зямелька цяплом сагравала,
Сезон – аграном на палях.

Сялянства – Радзімы аснова,
Зямліца – няма ёй цаны.
Успомніцца бацькіна слова:
«Жыццём заплацілі сыны...»