Я ВЕРУ

Валерий Познякевич
Абрыдла жыць у роспачы чакання
Таго святла, якога прагнуць вочы.
Над Беларуссю плача птушка каня,
Ад слёз маркоты пасівелі ночы.

О, колькі дум прыгожых і шчаслівых
Выношваем мы ў сэрцах нашых шчырых!
Так хочацца, каб Бог надаў нам сілы
І не пакінуў кожны з нас Айчыны.

Настане дзень шчаслівага народа.
Адродзіць ён зямлі сваёй звычаі.
Праменнем думак прарасце Свабода --
Не будзе жыць, бы каня, у адчаі.

І загучыць над вольнай Беларуссю
Скарыны мова, што была пад ціскам.
Ніхто нам не завяжа рот на вузел,
Не адбярэ пад час абеду міску.

Мы -- здолеем!
Мы --здужаем!
Я -- веру!
І кроплю веры той з народзінаў нясу.
З ёй еднасьць думак нам адчыніць дзверы
У Храм Айчыны, што прагоніць сум.

17.03.2021.