Ноч прыйшла

Татьяна Цыркунова
Заснуў лясок у цішыні,
Не чутны спевы птушак.
Міргаюць зоркі ў вышыні,
Гусак крычыць – узрушан.

Успомню: Рым калісьці спас,
Ён вартаўнік вядомы.
А сёння крык трывожыць нас –
Лунае каля дома.

Гусак не палахлівы, не...
Напэўна, нешта чуе.
Святло палохае ў акне?
Дзе ж той гусак начуе?

Чаму дадому не папаў
Пакуль свяціла сонца?
Хто ж там на гусака напаў?
Гагоча ён без конца.

Лясочак спіць у цішыні,
Заснуў гусак, напэўна.
Міргаюць зоркі ў вышыні,
Уладарыць ноч-царэўна.