Паляны вясною

Татьяна Цыркунова
Паляны ў пралесках вясною,
Нібыта ў пялёстках ад руж.
Шыкоўны кілім пад сасною,
Нагой не ступі, не паруш.

Дыван пад нагамі раскошны,
Гляджу, а ступіць не магу,
Бо крок адбіваецца кожны,
Пралескі не прымуць нагу.

Краіна – пралеска, матуля...
Прытулак адвечнай красы.
У лесе тваім звыш утульна,
Тут птушак гучаць галасы.

Пяшчотныя белыя кветкі
Сабой паланілі лес-гай.
Вясновай цудоўнаю меткай
Азначылі родны мой край.

Як многа іх – цэлае мора,
Куды не дацягнецца зрок.
Не знай, родны край, болей гора,
Няхай мой спрыяе зарок.