Час высакосны, i год высакосны...

Юрий Боровицкий
***
                     Час высакосны і боль высакосны
                     Ў свеце ваенных пагроз.
                                                        Яўгенія Янішчыц

Час высакосны, і год высакосны,
І боль невыносны - праз час.
Мірныя, ціхія, цёплыя сосны,
Зажынкі, дажынкі і Спас.

Свет высакосны і дзень высакосны,
Вестак трывожных сігнал.
Боль высакосны такі невыносны,
Дыму і выбухаў шквал.

Сосен расталых вясновыя кросны
Дзень высакосны снуе.
Час вызначальны і час лёсаносны
Горыччу дымнай плыве.

Край мой любімы, у час высакосны
Снуй свае кросны і тчы ручнікі.
Хай жа змывае той боль невыносны,
Нібы наносы бурлівай ракі...

08. 04. 2024 г.