Памяць

Валерий Познякевич
Мяне ізноў не адпускаюць думы
Пра родны кут і кут маіх дзядоў,
Што пазірае на нашчадкаў з сумам,
Якім не трэба поле, выган, дом.

У вёсцы Серабрышча вецер свішча.
На агародах -- дзікарослы  сад.
Стаяць дамы без стрэхаў, без гарышчаў --
Былоё больш не вернецца назад.

Малюнак вёскі -- часу адгалоскі.
Ён і цяпер паволі нішчыць тых,
Хто дажывае век пакутны, боскі
І аддае Айчыне кожны ўздых.

Асірацела без вяскоўцаў памяць --
Стаяць адны на могілках крыжы.
Старое лісце тры бабулькі паляць
І ўзгадваюць усіх, хто ў вёсцы жыў...

08.04.2024.