Зазелянела бяроза на узгорку...

Юрий Боровицкий
***
Зазелянела бяроза на ўзгорку,
Нібы бяроза - у сённяшнім сне:
Йшоў да бярозы на сонечным золку,
Йшоў па радзіме малой па вясне.

Снілася хата бабулі-суседкі,
Першыя кветкі расквечвалі луг.
Сніліся сінія, жоўтыя кветкі,
Снілася, глебу варочае плуг.

Сніўся на месцы былой нашай хаты
Нейкі вялікі і казачны дом.
Сніўся, раскінуўшы крылы, распяты
Бусел на грушы за белым акном.

Зазелянела на ўзгорку бяроза...
Сонечны золак радзімы малой -
Песні маёй вершаваная проза -
Поіць калодзежнай свежай вадой...

11. 04. 2024 г.