Паданне пра Чортава вока

Василь Гардзиенак
Нешта злое і чорнае ў лесе жыло,
Невымоўнымі гукамі ўночы гуло,
І жагналіся людзі старыя навокал-
Гэтак страшна і жудасна ў сэрцы было...

Не хадзілі у лес той ніколі яны,
І закінутым стаў ён яшчэ да вайны,
І казалі, што ў лесе ёсць Чортава вока,
У якое ён шмат падарожных зманіў...

Тое вока ледзь бачнае ўдзень, а ўначы
Атачаюць яго хмызнякі і карчы,
Нават Месяца ззянне хавае чарноцце
І яму не адбіцца у люстры начы...

І ніхто і нікога туды не звядзе,
Бо загінуць абое у мутнай вадзе,
У смуроднае багне усцешаць ліхоцце,
Бо ахвяру чарговую лёс прывядзе...

Што хаваецца ў ім, што на дне ў багавінні?
Спарахнелыя косткі у глеі і ціне,
Невыразныя цені бы душы нябог,
Што калісьці загразлі ў лясной дамавіне...

І цяпер толькі з вока праз мутнае шкло
Яны гледзяць у неба, дзе сонца ўзышло...

Рукі плысці прабуюць ды скутыя ногі-
І спачыну няма, і да неба дарогі...

І хапаюць рукамі ваду дагары,
А наверсе ўсплываюць адны пухіры...



Чортава вока- гэтае найменне зазвычай даюць невялікім круглым, але глыбокім лясным азёрам, якія знаходзяцца у самым гушчары лесу і часам бываюць забалочаныя. Гэтаксама чортавым вокам называюць вельмі глыбокае, бяздоннае месца на балоце. На фота возера Чортава вока, якое знаходзіцца у межах Слабодкаўскага сельсавету, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.