Iсусе Xрыстосе Уваскрос!

Марина Влада-Верасень
Сёння на золку,  уранні,          
Сонейка промнямі йграе*
Жаўранкам звоніць світанне:
Сёння Хрыстос  уваскрасае!

Шчасця вам, людзі,  і Хлеба, –
Божая пташка  спявае, –
Чыстага мірнага Неба –
Сёння Хрыстос уваскрасае!

Вашы грахі дараваны!..
Хоць і адкуплены ў скрусе,
Але   не гояцца  раны…
Прыйдзі, уваскрэсні, Ісусе!

Уваскрэсні,  прыйдзі, Ісусе!
Дай Каіну розум,  Хрыстосе,**
У роспачы ён і  спакусе –
Заблытаўся  ў шматгалоссі!

Абарані,  Святы Божа,
Народ свой ад ліхалецця!
Хто, як не Ты, дапаможа
Старым, жанчынам і дзецям?!

Сонейка промніцца, йграе,
Стазвон навакольна  панёс :
"Са Святам  вас, людзі,  вітаем –
ІСУСЕ  ХРЫСТОСЕ  ЎВАСКРОС!"

* Кажуць, што толькі на Пасху, калі да золку прачнуцца і паглядзець на Усход можна пабачыць цікаўную з'яву прыроды - сонейка толькі-толькі падымаецца, промніцца вясёлкай, пераліваецца... Знаходзячыся на гарызонце, сонца раптам на вачах пачынае змяняць свой выгляд – круглы сонечны дыск ператвараецца ў трохвугольнік, праз секунду трохвугольнік  разрастаецца ў грыб, затым сонца прымае форму яйка. Колер сонца таксама змяняецца; асабліва прыкметныя пералівы чырвонага і памяранцавага колеру. Мала таго, сонца яшчэ "танчыць" - яно то падымаецца, то апускаецца, а калі падыходзіць да гарызонту можа зусім знікнуць.
Даўней казалі, што ў гэты час Сонейка купаецца, трэба не праспаць, абавязкова быць сведкай гэтай з'явы, загадаць жаданне - ўвесь год будзе шчасціць!

**Апошнія падзеі на  Украіне  (восень 2013 – вясна 2014 г.г.) могуць справакаваць грамадзянскую братазабойчую вайну. Магчыма,  дзе-нідзе на прасторах Украіны яна ўжо пачалася. Ёсць засцярогі, што  пад націскам абставін цякучыя падзеі  могуць  плаўна перарасці ў больш маштабныя ваенныя дзеянні. У гэтым выпадку прагнозы больш чым сумныя.