У. I. Карызне 80 Роднае слова павiнна быць святым

Марина Влада-Верасень
Да 80-годдзя Уладзіміра Карызны

«…Навучыць пісаць вершы нельга. Паэзія – гэта пачуццё, жывое, трапяткое… для мяне кожны
радок – як гарачыя вугалькі, як вочы дзявочыя, якія спаць не даюць… ».
 Гэтыя словы належаць  вядомаму беларускаму паэту Уладзіміру Іванавічу Карызне, узнагароджанаму ордэнам Францыска Скарыны, Заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь, аднаму з аўтараў Дзяржаўнага гімна, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі і прэміі прафсаюзаў Беларусі.

Нельга не пагадзіцца – хіба можна навучыць ад нараджэння сляпога распазнаваць колеры
вясёлкі, глухога адрозніваць гукі флейты ад гукаў скрыпкі, нямога спяваць так, як спяваў,
напрыклад, Фёдар Шаляпін? Вядома, навучыць нельга. Эстэтычнае пачуццё ў чалавека не
нараджаецца разам з ім, не з'яўляецца інстынктыўным - яно развіваецца з маленства,
ўзгадоўваецца асяроддзем, замацоўваецца на практыцы.

Уладзіміру Іванавічу пашчасціла нарадзіцца ў творчай і дружнай сям’і, дзе панавала любоў.
Любоў, якая ахоўвала і ратавала, выхоўвала добры густ і пачуццё стылю, вучыла сціпласці і
шчодрасці, у рэшце рэшт, даравала талент.

З успамінаў У.І.Карызны: «Мой бацька быў шафёрам, вазіў Твардоўскага, ведаў на памяць усяго
«Васіля Цёркіна». Дзядуля па мамінай лініі – Канстанцін Захарэвіч, быў кавалём. Акрамя таго,
сам рабіў музычныя інструменты і граў на скрыпцы. Другі мой дзед таксама граў на скрыпцы.
Паэзія падобная на музыку…».

Імя паэта на слуху – яго песні гучаць па радыё, артыкулы аб ім публікуюць салідныя выданні… Але
я нічога не знайшла пра яго малую Радзіму – сціплую вёсачку, што раскінулася на беразе ракі Пціч,
адкуль і пайшоў радавод Уладзіміра Карызны. Таму і вырашыла наведаць мясціны, дзе нарадзіўся
знакаміты паэт Беларусі, і расказаць пра свае ўражанні.

Яшчэ здалёк запрыкмеціла буслянку з бусламі. Гняздо прыляпілася на вяршыні жалезабетоннага
слупа, які стаяў у самым пачатку вёскі, адразу за дарожным знакам «Закружка». Яно, быццам
назіральная вежа, узвышалася над сялібамі. А бацяны, нібы анёлы-ахоўнікі, час ад часу ўзмахвалі
крыламі, бы запрашаючы ў госці ўсіх, хто наведваўся ў вёску.

Мясцовыя жыхары, тлумачачы дарогу, распавялі, што мой шлях ляжыць амаль праз усё сяло і
арыентавацца мне патрэбна на векавую ліпу.

Здаецца, што ўсё тут засталося так, як і многа гадоў таму: за ваколіцай пасвяцца каровы, хаты
патанаюць у квеценні садоў, на агародах завіхаюцца гаспадары, на падворышчы паважна, нібы
падзішах, ступае певень, зорка пільнуючы свой гарэм, а сабака, забурыўшыся на маладую траўку, з
асалодай жмурыць вочы. Голасна, на ўсю веску, гукаюць і смяюцца дзеці.

Неўзабаве маю ўвагу прыцягнула старая ліпа з бусламі: высокае, метраў 15-20 дрэва, ў два
абхопы. Пэўна, што яна памятае ўсе падзеі мінулага стагоддзя - у тым ліку, радзіны, хрысціны,
вяселлі, сустрэчы-развітанні… Спадарыня-ліпа. Менавіта так трэба было б звяртацца да яе –
велічная, у чалме-буслянцы якой сядзелі высакародныя птушкі, упэўнена ўзвышалася над вескай.
Прамяністае сонейка і дробны майскі дожджык адначасова абрушвалі на ліпу свае любоў і
пяшчоту, а лагодны, лёгкі ветрык клапатліва церабіў яе за галінкі і прыветліва махаў мне.
Нечакана ўспомніўся дзіцячы вершык “Бусел на ліпе”:

Сёння сонца прыпякло,
Цеплыня такая,
Што прыціхла ўсё сяло:
Дожджыку чакае.

Дождж нарэшце асмялеў –
І пайшоў, паехаў,
Вадаспадам зашумеў
Ён па гулкіх стрэхах.

Бусел з ліпы не ўцякаў:
Ліпаю прызнаны,
Ён дажджу таго чакаў,
Як нябеснай ванны!

Гэта ж трэба такому здарыцца – хваляванне ўсё больш ахоплівала мяне – а можа гэта і ёсць тая
самая ліпа? І сёння выдаўся такі цудоўны дзень – усё адбываецца зусім так, як у вершы!
У роздуме я зрабіла яшчэ некалькі крокаў, азірнулася: наўпрост ад мяне, недалёка ад ліпы,
патанала ў пеннай квецені сяліба - тая самая спадчына, якая засталася Карызнам ад іх продкаў.
Менавіта тут, у вёсцы Закружка, што на Міншчыне, на беразе ракі Пціч, 25 мая 1938 г., у сям’і Ніны
Канстанцінаўны і Івана Ціханавіча Карызнаў і нарадзіўся знакаміты паэт.
Я наблізілася да весніц: няйначай, гэта той самы вішневы сад! А там, у глыбіні, насупраць хаты,
тая самая «Маміна вішня»:

…Дзе была мая калыска
Песнямі заманена,
Засталася толькі вішня –
Вішня маміна.

Данеслася аднекуль з недраў маёй памяці знакамітая песня Ул.І.Карызны, напісанная ім у
далёкім 1994 годзе. Настрой узнімаўся, а на душы было светла і радасна:

Маміна вішня, маміна вішня,
Маміна вішня плакучая...
Сэрца маё растрывожыш заўжды…

На імгненне ўявілася, што гэта песня прысвечана і маёй матулі таксама… Сэрца маё
расчулілася – мне нават падалося, што ў адказ на мае думкі недзе, з глыбіні сада пачулася:

…А мацеры усяго
Дваццаць чатыры гадочкі –
Так мала
“Ой, рэчанька, рэчанька”
Нядаўна спявала
Сынка калыхала
Другога чакала…

Калі вярталася назад, пазнаёмілася з цудоўнай і прыгожай жанчынай – 90-гадовай Гайдукевіч
Янінай Карлаўнай. Менавіта яна мне і распавяла аб тым, што пад час вайны бацька Іван Ціханавіч
Карызна быў у партызанах «нейкім глаўным», і таму хату, у якой нарадзіўся Уладзімір Іванавіч,
немцы спалілі, а сям’я цудам уратавалася ад расправы - добрыя людзі папярэдзілі, і маці з трыма
маленькімі дзецьмі паспела схавацца ў лесе. Многае давялося перажыць Карызнам і іх
аднавяскоўцам. У жахлівыя дні блакады ўмярзалі ў балота, аднак маці ратавала сваіх дзетак як
магла - не толькі лагодным словам і тяжкай справай, але і песняй. Спявала ціха – так, каб толькі
дзеці чулі яе голас, каб не пужаліся, каб ведалі, што яна побач…

Пасля вайны людзі жылі вельмі бедна, але дружна – адбудоўвалі хаты, дапамагалі адно аднаму,
дзялілся апошнім. Бацька Уладзіміра добра граў на балалайцы, а маці валодала прыгожым,
меладычным голасам – уся вёска збіралася, каб паслухаць Карызнаў.
Пазней, амаль праз паўстагоддзе, Уладзімір Іванавіч скажа: «Матчына і бацькава душы былі
багатыя, і іх душэўнае цяпло ішло да мяне».

З успамінаў суседкі Яніны Гайдукевіч:

– Ён (Уладзімір) – музыкант быў, пеў, іграў нам, а мы танцавалі… Сям’я ў яго была атлічная,
рабацяшчая. Дзяцей у іх троя – два браты і сястра. Усе гралі на музыкальных інструментах,
усе былі такія «хадавыя», – на гэтае слова яна зрабіла націск, – Уладзімір срэдні быў, малады
пайшоў вуцыцца, спасобны такі, хадавы хлопец! Часта прыязджаў к мацяры, забіраў яе к сабе...
На развітанне Яніна Карлаўна папрасіла павіншаваць Уладзіміра Іванавіча з 80-годдзем ад імя ўсіх
землякоў-вяскоўцаў, перадаць яму, што яго памятаюць, ганарацца ім і ад усёй душы жадаюць яму
здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

…Iду па вуліцы ў пачатак вёскі, дзе мяне сустракалі, а цяпер праважаюць узмахамі крылаў буслы-
ахоўнікі. За ваколіцай, паабапал дарогі, раскінуліся абшары маёй Айчыны.

Жытнёвае поле, лясы і азёры,
Крынічка ў лузе і ў небе жаўрук...
Услухайся толькі, усё тут гаворыць:
«Люблю цябе, Белая, Белая Русь!»

Аднойчы, пад час інтерв’ю, Уладзімір Іванавіч сказаў: «Я не адчуваю так глыбока рускае слова.
Беларускае для мяне больш тонкае, больш далікатнае. Афарбоўка ў яго больш эмацыянальная».
Ён падкрэсліваў, што пад час яго паездак у далёкае замежжа - В’етнам, Японію, Англію, ЗША,
Бельгію, Канаду - усюды яго прасілі пагаварыць на беларускай мове. І што адметна – яго разумелі,
не ведаючы мовы: сэрцам, душою – на падсвядомым узроўні. А ўсё таму, што ёсць мелодыя слова
і яго велізарная энергія, яго асаблівая інтанацыя і асабісты характар. З горыччу у голасе дадаў: «А
мы ўпускаем сваё роднае… мяняем душу, мяняем характар. Не будзе ў нас мовы – не будзе і
беларусаў. Застанецца адна пародыя на нацыю. Трэба ведаць сваю ўласную культуру, музыку,
гісторыю, а асабліва – сваё роднае слова. Яно павінна быць святым».

Ну, як не любіць тыя хаты за гаем
Ля сініх азёр і палёў залатых,
Дзе хлебам і соллю сяброў сустракаюць
І з песняй праводзяць, як родных сваіх!

Маё падарожжа завершана. Я азірнулася на вёску і памахала ёй рукой: да пабачэння, вёска
Закружка! Да пабачэння, Анёлы-Ахоўнікі! Захініце ад ліхалеццяў свой народ і гэту зямлю, якая
дасталася ў спадчыну, вашымі белымі, белымі крыламі!

                Марына Ўлада-Верасень, вёска Закружка, май 2018г.